ПАЎНО́ЧНЫ МАРСКІ́ ШЛЯХ, Паўночна-Усходні праход (да пач. 20 ст.),
галоўная суднаходная магістраль Расіі ў Арктыцы. Праходзіць па морах Паўн. Ледавітага ак., злучае еўрап. і азіяцкія рас. парты (гл. на карце да арг. Паўночны Ледавіты акіян). Даўж. (ад Карскіх Варот да бухты Правідзення) 5600 км. Абслугоўвае парты Арктыкі і буйных сіб. рэк (завоз паліва, абсталявання, харч. прадуктаў, вываз драўніны і інш.). Гал. парты: Ігарка, Дудзінка, Дыксан, Тыксі, Певек, Правідзення. Працягласць навігацыі 2—4 месяцы (на асобных участках даўжэй, з дапамогай ледаколаў). П.м.ш. упершыню пройдзены з З на У (з адной зімоўкай) у 1878—79 швед. экспедыцыяй Н.А.Нордэншэльда; за адну навігацыю — у 1932 экспедыцыяй О.Ю.Шміта на судне «Сібіракоў». З 1935 вядуцца рэгулярныя рэйсы. З пабудовай атамных ледаколаў у канцы 1971 адбыўся першы зімовы рэйс.
т. 12, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)